помнік архітэктуры барока ў в. Сурвілішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. з дрэва на месцы касцёла 1550, фундаванага Р.Гайкоўскай і яе братамі Іванам і Антонам. Храм крыжападобны ў плане, уключае 1-нефавы прамавугольны асн. аб’ём, вузкі трансепт і 5-гранную апсіду, да якой прылягаюць нізкія сакрыстыі. Асн. аб’ём і апсіда аб’яднаны агульным 2-схільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Сцены фасадаў маюць лучковыя і круглыя аконныя праёмы ў простых ліштвах і завершаны шырокім карнізам па перыметры асн. аб’ёму, трансепта і апсіды. Гал. фасад расчлянёны 2 тонкімі пілястрамі на 3 часткі. завершаны фігурным франтонам. У інтэр’еры арган, аформлены ў стылі барока. У трансепце захаваліся 2 барочныя алтары, аформленыя калонамі і пілястрамі карынфскага ордэра, разным расл. арнаментам, галоўкамі пуцці. У 1878—80 да касцёла прыбудавана званіца (захаваўся яе цагляны фундамент). Храм абкружаны бутавай агароджай з 2-яруснай мураванай брамай.